Збіты ў метро інвалід перад тым пісаў ліст на імя Лукашэнкі

Збіты ў метро інвалід перад тым пісаў ліст на імя Лукашэнкі

Гісторыя з сляпым жабраком, якога ў метро валаклі за ногі міліцыянты, атрымала працяг. У рэдакцыю "Нашай Нівы" даслаў ліст Юрый Субат, які назваўся сябрам затрыманага Дзмітрыя Арцёмава.

Па яго словах, незадоўга да шумнай гісторыі Арцёмаў пісаў ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо іншыя інстанцыі не дапамаглі. Інвалід прасіў, каб яму дапамаглі вярнуцца ў інтэрнат. Ліст быў адасланы з паведамленнем аб уручэнні. І гэтае паведамленне, кажа сябра інваліда, прыйшло.

У сваім звароце Арцёмаў пісаў, што ён былы дзетдомавец, мае крымінальнае мінулае, але ён раскаяўся і паверыў у Бога. З інтэрната для інвалідаў яго выгналі за парушэнні рэжыму, таму ён жыве ў сястры. Мужчына кажа, што на аплату жылля ў яго сыходзіць палова пенсіі, астатніх грошай на харчаванне не хапае, таму ён просіць міласціну.

Арцёмаў кажа, што жыць у сястры яму стала невыносна: "Яна маці-адзіночка, выпівае, жыве выпадковымі заробкамі (маляр). Запазычанасць за святло і ваду назапасілася непад'ёмная. Адключылі электрычнасць. Стаіць пытанне аб яе высяленні. А мне давядзецца жыць у пад'ездзе".

Вярнуцца ў інтэрнат інваліду не дазволілі. Адмова была матываваная тым, што ён не здаў нейкія рэчы, калі сыходзіў з інтэрната. Арцёмаў прасіў кіраўніка дзяржавы, каб той дапамог яму вярнуцца ў інтэрнат.

Сябра кажа, што пасля гэтага да інваліда прыйшла сацыяльная работніца. Яна паабяцала, што яго справай зоймуцца, прыйдуць абследаваць жыллёвыя ўмовы. А неўзабаве яго затрымала міліцыя.

Нагадаем, што Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на затрыманага інваліда за супраціў работнікам міліцыі.

Дарэчы, мінчукі заступіліся за інваліда не толькі пры затрыманні. У сацсетках 24 верасня з'явілася фота, зробленае ў пераходзе станцыі метро "Плошча Якуба Коласа". Графіці выказвае падтрымку затрыманаму.

Суседка інваліда са станцыі метро “Уручча”: Ён сляпы, непітушчы, але быў у турме

Збіты ў метро інвалід перад тым пісаў ліст на імя Лукашэнкі