Зборная Беларусі захавала 57-ю пазіцыю ў рэйтынгу ФІФА

Сёння на афіцыйным сайце ФІФА апублікаваны абноўлены рэйтынг футбольных зборных.
Зборная Беларусі захавала рэкордную для сябе 57-ю пазіцыю, якую здабыла ў мінулым месяцы. Паколькі ў чэрвені нашыя футбалісты не праводзілі гульняў, дык і ачкоў на рахунку зборнай не дадалося, наадварот, іх стала менш - 536 (у чэрвені было 540).  Узначальваюць жа рэестр іспанцы, якія перамаглі на чэмпіянаце Еўропы. За імі ідуць зборныя Італіі і Нямеччыны. Аргентынцы, якія былі лідэрамі ў рэйтынгу ў чэрвені, цяпер толькі шостыя. На 11-е месца ўзняліся расіяне, гэта іх найлепшае дасягненне за апошняе дзесяцігоддзе. 14-мі сталі туркі (месяц таму былі 20-я), якія паспяхова выступілі на еўрапейскім першынстве.