Жан-Клод Ван Дам не прыедзе ў Мінск здымацца ў кіно

Прадстаўнікі амерыканскай кампаніі Motion Picture Corporation of America (MPCA) не будуць здымаць фільм на базе "Беларусьфільма". Як паведамляе "Народная Воля", прычынай сталі сціслыя тэрміны рэалізацыі вельмі маштабнага праекта. Фільм з працоўнай назвай "Зброя" павінен быў стаць чарговым баевіком з удзелам некалі легендарнага актора Жан-Клода Ван Дама. Ідэя правесці здымкі ў Мінску з'явілася пасля таго, як студыю наведаў заснавальнік кампаніі MPCA Брэд Крэвой. Амерыканец застаўся задаволены тым, што ён убачыў у Беларусі, і прыняў рашэнне пра здымкі.

Аднак па словах намесніка гендырэктара "Беларусьфільма" Івана Колбава, ад здымкаў фільма "Зброя" ў Беларусі усё ж адмовіліся. Высветлілася, што трэба будаваць вельмі шмат дэкарацый. Амерыканцы хацелі скарыстацца наяўнымі дэкарацыямі, разбурыць усё і з'ехаць. А ў Беларусі, як выявілася, нельга выбухаць бензазапраўкі і страляць на вуліцы, хай нават і халастымі патронамі. Патрэбны час, каб атрымаць адмысловы дазвол.