Жартаўнікі прымусілі эвакуіраваць з лякарні ляжачых хворых

У вёсцы Заполле Віцебскага раёна у мінулую суботу нарабіла вэрхалу ананімнае тэлефанаванне. Невядомы з раніцы патэлефанаваў галоўнаму ўрачу ды сказаў, што лякарня замініравана.
У лякарні на той момант было 19 хворых. Медыкі пачалі іх эвакуацыю. Людзей перавозілі ў мясцовую школу.

Дарэчы, 11 хворых – ляжачыя, самастойна рухацца не могуць. Ад лякарні да школы туды-сюды мітусіўся санітарны аўтамабіль, каб хутчэй перавезці ўсіх.

Група размініравання працавала ў лякарні амаль гадзіну, але выбухоўкі не знайшла.

Па некаторых звестках, праваахоўныя органы ўжо высветлілі асобу “жартаўніка”, але аб матывацыі дзікунскага ўчынку пакуль не распавядаюць.