Журналісту Пачобуту хочуць "узмацніць" пакаранне

Пракуратура апратэставала рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Мінска наконт пакарання штрафам журналіста Андрэя Пачобута. За ўдзел у "несанкцыянаваным мітынгу" 19 снежня гродзенскаму карэспандэнту польскай "Газеты Выборчай" прысудзілі штраф у 1 750 000 рублёў.

Як заявіў Пачобут у эфіры Еўрарадыё, падрабязнасці прэтэнзій пракуратуры яму невядомыя. Верагодна, прысуд хочуць узмацніць. Праз тое, што штраф быў прызначаны максімальны, адзіны варыянт "узмацнення" — адміністратыўны арышт.

"Я думаю, беларускія ўлады добра арыентуюцца, што я на Плошчы выконваў свае прафесійныя абавязкі. Яны ведаюць, што "Газета Выборча" шмат увагі надае беларускай праблеме, І ўлады хочуць адпомсціць за гэта", — адзначыў журналіст.

Паўторны разгляд ягонай справы адбудзецца ў Мінгарсудзе 28 студзеня.