Жыхар Салігоршчыны прадаваў самаробную гранату

На 56-гадовага жыхара гарадскога пасёлка Старобін ў Салігорскім раёне распачалі крымінальную справу. Яго вінавацяць у незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Як паведамляе БелаПАН, 26 сакавіка ў Старобіне мужчына прадаў за 120 тыс. рублёў самаробную ручную гранату, зробленую са стандартнага корпуса вучэбнай гранаты Ф-1, запоўненага выбуховым рэчывам. Падазронага ўзялі пад варту. Дарэчы, раней яго ўжо судзілі за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі.