Жыхары Магілёва адправілі гуманітарную дапамогу ўкраінцам
Цяпер валанцёры збіраюць сродкі на машыну для медыкаў, якія працуюць у зоне АТА, а таксама на дапамогу беларусу, які знаходзіцца ў шпіталі.
Жыхары Магілёва далучыліся да збору гуманітарнай дапамогі для людзей, пацярпелых ад канфлікту ва Украіне. 16 траўня першы груз, які складаўся з вопраткі для дзяцей і дарослых, быў накіраваны ў Гомель. Адтуль з дапамогай гуманітарнай ініцыятывы “Беларусь-АТА” рэчы дойдуць да ўкраінцаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Каардынаваў збор рэчаў у Магілёве журналіст Алесь Буракоў:
“Шмат людзей сказалі мне, што хацелі б нешта перадаваць для тых, хто ўцёк з зоны АТА. Рэчы патрэбныя абсалютна ўсе. Прынцыповая пазіцыя — ніякіх ваенных рэчаў. Ініцыятыва “Беларусь-АТА” не ўзбройвае ні адзін з бакоў і не дапамагае ні амуніцыяй, нічым ваенным. Дапамога ідзе толькі цывільнаму насельніцтву. Самыя запатрабаваныя рэчы — дзіцячыя, ад нуля гадоў і вышэй”.
Журналіст адзначае, што ва ўцекачоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, нарадзілася 20 немаўлятак. Бацькі гэтых дзяцей не маюць працы і ў найбліжэйшы час наўрад ці здолеюць яе знайсці са зразумелых прычынаў. Грошай у гэтых сем’яў няма, а дзяцей карміць неяк трэба. Працягвае Алесь Буракоў:
“Мы сабралі дзесяць велізарных пакетаў. Гэта быў бітком набіты багажнік уседарожніка. Таму дапамога з Магілёва досыць заўважная. Гуманітарка паехала ў Гомель. Адтуль паедзе ў Чарнігаў, да якога ўсяго 110 кіламетраў. Там ужо ўкраінскія валанцёры будуць размяркоўваць паміж сем’ямі, якія збеглі з зоны АТА”.
Журналіст кажа, што спачатку пра жаданне дапамагчы заявіла шмат людзей, аднак па факце іх аказалася менш. Тым не менш пасля адпраўкі першай дапамогі людзі зноў пачалі адгукацца і прапаноўваць свае рэчы. Таму неўзабаве ўцекачам з зоны АТА адправяць другі такі груз.
Знайсці валанцёраў і далучыцца да гуманітарнай місіі можна праз групу ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”.
Цяпер валанцёры збіраюць сродкі на машыну для медыкаў, якія працуюць у зоне АТА, а таксама на дапамогу беларускаму хлопцу, які знаходзіцца ў шпіталі з апаратам Ілізарава.
Ад пачатку канфлікту на Данбасе, па словах прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, загінула 7 тысяч цывільных і 1 800 украінскіх салдат. Каля мільёна ўкраінцаў сталі ўцекачамі.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма