Жыхары Ўсходу-2 у Мінску абараняюць Севастопальскі парк
Жыхары сталічнага мікрараёну Ўсход-2 сабралі каля трох тысяч подпісаў супраць забудовы мінскага Севастопальскага парку і зносу размешчаных на яго тэрыторыі артэзіянскіх шчылінаў, паведамляе БелаПАН. Барацьба супраць планаў гарадскіх уладаў па рэканструкцыі парку вядзецца ад 1995 года. Тут хочуць пабудаваць рэстарацыю, кавярню, сауну, фітнэс-цэнтр і паркоўку для аўтамабіляў. Дзеля гэтага давядзецца вырубіць болей за тысячу дрэваў і закрыць артэзіянскія шчыліны, ваду з якіх спажываюць болей за 300 тысяч жыхароў мікрараёну. Севастопальскі парк адносіцца да ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны і водаахоўнай зоны Сляпянскай воднай сістэмы. Тут ёсць восем шчылінаў водазабору “Зеляноўка”. Прадстаўнікі грамадскасці ў далейшым плануюць звярнуцца ў Еўракамісію і ў Сустветны банк, які выдаткоўвае для Беларусі сродкі на прыродаахоўныя мэты.