Жывы журнал адбівае атакі хакераў
Адміністрацыя LiveJournal можа звярнуцца ў праваахоўныя органы па факце DDoS-атак, што неаднаразова парушалі працу сэрвісу.
Пра гэта паведаміла прэс-служба кампаніі SUP.
Чарговая атака хакераў распачалася 4 красавіка прыкладна а 14 гадзіне па маскоўскім часе. Гэта прывяло да перабояў у працы сэрвісу. Сайт livejournal.com апынуўся практычна недасяжным для карыстальнікаў.
Адміністрацыя Livejournal, як і мінулы раз, не стала канкрэтызаваць, хто менавіта з карыстальнікаў ЖЖ стаў аб'ектам DDoS-атакі. Крыніцы плыні шкодных запытаў на серверы LiveJournal таксама не называюцца.
30 сакавіка 2011 года Жывы журнал зазнаў самую магутную DDoS-атаку ў сваёй гісторыі. Запыты на сайт перасылаліся праз маштабную бот-сетку — камп'ютары, з якіх рабілася атака, размяшчаліся ў розных краінах свету, у тым ліку ў Кітаі, Японіі, Украіне, Емене, Індыі і Пакістане.