Злодзеі ў злодзея зброю скралі

На працягу года высвятляюць супрацоўнікі віцебскага КДБ, якім чынам занядбаны гараж на тэрыторыі аднаго з гаражных кааператываў ператварыўся ў сховішча зброі ды боепрыпасаў.  У траўні мінулага года туды праз дзірку ў сцяне забраўся непрацуючы хлопец і знайшоў сапраўднае збройнае Эльдарада. Некалькі гадзін цягаў ён з гаража ў каналізацыйны калодзеж пісталеты, трацілавыя шашкі ды патроны. Адзін з пісталетаў аддаў сябру, якому быў вінен грошы, астатняе вырашыў прадаць. Але таксіст, якому хлопец прапанаваў тавар, выклікаў міліцыю.

Цікава, што сябры, якім злодзей расказаў пра сваю знаходку, таксама наведаліся ў гараж са зброяй, а па дарозе скралі частку зброі і з ягонага сховішча. Днямі суд Першамайскага раёну налічыў тэрміны пакарання ўсёй кампаніі. Але як зброя і патроны трапілі ў гараж, пакуль не высветлена.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск