Зміцер Калдун паедзе на "Еўрабачанне"
Вітаю вас, вы слухаеце “Еўрарадыё” і бліжэйшыя хвіліны пра навіны сусветнага шоў-бізу ад Галляша Валынца.
Беларускі спявак, пераможца апошняй “Фабрыкі зорак” Зміцер Калдун стаў пераможцам Нацыянальнага тэлевізійнага праекту "Еўрафэст" — адборачнага этапу "Еўрабачання -2007". Фінальны гала-канцэрт прайшоў 22 студзеня ў мінскім Палацы спорту і трансляваўся ў прамым эфіры Першага канала.Нагадаю, акрамя Змітра ў фінал "Еўрафэсту" выйшлі Дыяна Гурцкая і гурт "The Project". Прафесійнае журы на паўфінальным этапе выбрала Дыяну і "The Project", а Калдун прайшоў у фінал па выніках глядацкага галасавання. Нагадаю, што на паўфінале і фінале Зміцер спяваў розныя песні. Чаму так адбылося мы спыталі ў самаго спевака:
“Не гледзячы на свой узрост і тое, што я не так даўно займаюся эстрадай, усе роўна ёсць нейкае пачуццё таго, што патрэбна Еўропе. Тым больш, што песня “Анёл мары” не планавалася як удзельнік “Еўрабачання”.
Гэта была проста замена песні “Get Up”, якую мы прапаноўвалі раней, але яе дыскваліфікавалі. Таму, каб пацягнуць час, мы выступілі з песняй “Анёл мары”. А журы, я лічу, меня не абрала аб’ектыўна, таму што яны павінны выбіраць песню, а не выканаўцу. А я таксама лічу, што песня не падыходзіць”.
Дадам, што песня, якую Зміцер выконваў на фінальным этапе, называецца "Work your magic". А тэму песні падказала прозвішча Калдун — маўляў, цуд, які сугучны з назвай кампазіцыі. І вядома, мы спыталіся ці праўда тое, што гэтую песню для Змітра напісаў Філіп Кіркораў:
“Сам здзівіўся, калі даведаўся, але цяпер ужо неяк прызвычаіўся. Кіркораў напісаў музыку, словы напісаў Карэн Акавалеран, які напісаў Білану песню, і тую, з якой выступала Дыяна Гурцкая”.
Да размовы са Змітром я знайшоў інтэрв'ю з музычным крытыкам Змітром Падбярэзскім, якое ён даваў "Беларускім навінам". Там ён назваў “Еўрабачанне” "еўрапейскімі дажынкамі". Маўляў ніводны прафесійны выканаўца ды музыка, які паважае сябе і мае добры густ, не паедзе на гэты конкурс.
Той жа думкі прытрымліваецца Мікалай Агурбаш: што гэта звычайнае нізкапробнае тэлевізійнае шоў. Мы даведаліся як Калдун ставіцца да гэтых словаў і ці не баіцца ён пасля выступлення на “Еўрабачанні” згубіць аўтарытэт. І, вядома, пра свае шанцы на перамогу Зміцер расказаў таксама:
“Я не ведаю, чаму гэта пункт гледжання Мікалая Агурбаша. Чаму ж тады ён адправіў туды сваю жонку? Ведаеце, я так не лічу, я малады, поўны моцы, і мне ўсё роўна, хто паважае цябе, а хто не. Я сябе паважаю, і ўвогуле, гэта конкурс, які дае вялікія перспектывы ў якасці пі-ара, у якасці прома-тура, які ў мяне будзе, таму крытыка крытыкай...
Магчыма, калі мне будзе гадоў 40, я таксама буду так думаць. А пакуль я малады, я гатовы адстойваць свае інтарэсы і інтарэсы Радзімы. На жаль, у такіх конкурсах складана ацэньваць. Гэта конкурс не якаснага вакалу ці песні, а складу ўсіх якасцей. Але мы зробім усё магчымае каб прадставіць краіну так, каб потым не было крыўдна, што тое не паспелі гэта не зрабілі.
Я думаю мы паспем усё, бо мы раней за ўсіх у Еўропе вырашылі, хто паедзе. Зараз я не раблю ніякіх ставак, адзінае, што мне б хацелася выключна для сябе — гэта трапіць у фінал. Ёсць упэўненасць, ёсць жаданне і магчымасці, а гэта, мне падаеца, самае галоўнае”.
Нагадаю, "Еўрабачанне-2007" адбудзецца ў Хельсінкі 10 траўня. Спадзяюся, што словы Змітра Калдуна спраўдзяцца і ў гэтым годзе мы ўбачым беларуса ў фінале конкурсу.
Напрыканцы — пра сусветны кінематограф. Учора Амерыканская кінаакадэмія абвясціла спіс асноўных прэтэндэнтаў на галоўную кінаўзнагароду свету — Оскар. Намінанты ў 10 катэгорыях з 24 былі названыя на прэс-канферэнцыі ў Бэверлі-Хілз у 5:30 раніцы па мясцовым часе, а гэта 15:30 па Мінску.
Фаварыт “Залатога глобуса” мюзікл “Дзяўчыны мары” стаў лідэрам па колькасці намінацыяў — ён будзе змагацца за восем узнагарод, аднак, нягледзячы на прагнозы, не ўвайшоў у спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду ў катэгорыі "Лепшы фільм". Семь намінацыяў у “Вавілона”, які быў прызнаны лепшым фільмам году на цырымоніі “Залатога глобуса”.
Вось як выглядаюць спісы прэтэндэнтаў у асноўных намінацыях:
“Лепшы фільм” — “Вавилон”, “Адступнікі”, “Дзяўчыны мары”, “Маленькая міс Шчасце”, “Каралева” і “Лісты з Івадзімы”.
“Лепшы рэжысёр” — Пол Грынграс “United 93”, Стывэн Фрырс “Каралева”, Алехандра Ганзалес Ін’ярыту “Вавілон”, Марцін Скарсэзэ “Адступнікі”, Клінт Іствуд “Лісты з Івадзімы".
За званне лепшага акцёра будуць змагацца Раян Гослінг “Палова Нэльсана”, Леанарда ды Капрыа “Адступнікі”, Пітэр О’Тул “Венера”, Уіл Сміт “У пошуках шчасця”, Форэст Уітакер “Апошні кароль Шатландыі”.
“Лепшыя актрысы”: Пенелопа Крус “Вяртаніе”, Джудзі Дэнч “Занатоўкі пра адзін скандал”, Хэлен Мірэн “Каралева”, Мэрыл Стрып “Д’ябал носіць Prada”, Кэйт Уінслет “Маленькія дзеці”.
Нагадаю, цырымонія ўручэння ўзнагародаў Амерыканскай кінаакадэміі адбудзецца 25 лютага гэтага году ў 17:00 па мясцовым часе, а гэта 3 гадзіны ночы па Мінску.
Photo.ByMedia.net