Зміцер Салаўёў скардзіцца ў пракуратуру на КДБ
Па словах старшыні магілёўскай арганізацыі Партыі БНФ Зміцера Салаўёва, супрацоўнікі КДБ праводзілі ў яго ператрус з парушэннем заканадаўства.
Зміцер Салаўёў накіраваў у абласную пракуратуру скаргу на дзеянні супрацоўнікаў УКДБ па Магілёўскай вобласці, якія 15 студзеня праводзілі ператрус на кватэры грамадскага актывіста, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Як сказана ў пастанове, ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы па факце несанкцыянаванага мерапрыемства "Плошча-2010" .
У сваёй скарзе Зміцер Салаўёў выкладае факты, якія на яго думку сведчаць пра тое, што ператрус праводзіўся з парушэннем заканадаўства.Салаўёў просіць пракурора правесці праверку працэдуры ператрусу і даць ёй прававую ацэнку, а таксама прыняць меры дысцыплінарнага і адміністратыўнага ўздзеяння ў дачыненні супрацоўнікаў УКДБ, якія дапусцілі нядбалае стаўленне да сваіх абавязкаў і злоўжывалі службовым становішчам.
Як паведамляе заяўнік, з чатырох супрацоўнікаў КДБ, якія праводзілі ператрус, у пратакол уключаны толькі адзін – дазнаўца маёр Ромскі А.А., які толькі складаў пратакол ператрусу і непасрэдна яго не праводзіў.