Зміцер Вайцюшкевіч: Я аддаў "Аўтарадыё" пяць гадоў жыцця

Спявак Зміцер Вайцюшкевіч 5 гадоў вёў на "Аўтарадыё" аўтарскую праграму "Простыя словы". Як распавёў музыка ў каментары Еўрарадыё, яшчэ сёння ў першай палове дня ён рыхтаваў выпуск праграмы для пятніцы і выходных. Забарона вяшчання "Аўтарадыё" стала для Вайцюшкевіча неспадзяванкай. Аднак, кажа ён, толькі ў пэўным сэнсе: "Шчыра кажучы, я не здзівіўся. Напэўна гэтага трэба было чакаць... Але стратэгічна — гэта памылка. Разумныя людзі, гаспадары на сваёй зямлі так не робяць. А калі робяць, то яны не гаспадары".

Як адзначыў Вайцюшкевіч, ён спадзяецца ўсё ж на тое, што яго праект "Простыя словы" будзе жыць далей. Што праўда, акрамя "Аўтарадыё" ён нідзе не бачыць для яго будучыні.