Зніклага ў Бабруйску хлопчыка забіў 8-класнік

Цела зніклага хлопчыка было знойдзена 19 жніўня ў бабруйскім вадаёме паблізу аўтамабільнага моста праз Бярэзіну.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 10-гадоваму школьніку нанеслі некалькі ўдараў па галаве і прытапілі, каб схаваць сляды забойства.

Нагадаем, 15 жніўня ў міліцыю звярнулася маці Алега Куліка — 5-класніка адной з бабруйскіх школ. У 13 гадзін ён пайшоў з дому і не вярнуўся. Яго маці ўсхвалявала тое, што сын адправіўся на вуліцу гуляць і знік, а яго мабільны тэлефон стаў недаступным.

Таму яна напісала заяву аб знікненні сына. Калі па гарачых слядах дзіця не ўдалося знайсці, да працы далучылася брыгада з Мінска, а таксама пракуратура, МНС, а потым і КДБ, бо на наступны дзень пасля знікнення хлопчыка яго маці затэлефанаваў невядомы і запатрабаваў выкуп у валюце.

У выніку працы міліцыі былі знойдзены людзі, якія 15 жніўня бачылі Алега разам з падлеткам. Было высветлена, што гэта вучань 8 класа той жа школы, дзе вучыўся Алег. Праўда, яго маці па тэлефоне падалося, што выкуп патрабавала жанчына, а ўжо потым прыйшла здагадка, што гэта быў падлетак.

У выніку 14-гадовы школьнік стаў асноўным падазраваным па гэтай справе.

Звязда