З.Пазняк: У санкцыях супраць Беларусі была зацікаўленая Расія

Лідэр Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі (КХП-БНФ) Зянон Пазняк ухваліў рашэнне Еўрасаюза прыпыніць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. На думку Пазняка, санкцыі былі неэфектыўнымі ад самага пачатку. Больш важным для дэмакратызацыі Беларусі ён лічыць спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Пазняк: Выбудавалі "жалезную заслону", вельмі дарагія візы, вельмі дарагое атрыманне гэтых візаў... Вось гэтыя санкцыі павінны быць знесеныя. Што датычыць чыноўніцкіх санкцыяў, то яны неэфектыўныя. І ўвогуле гэтае рашэнне недарэчнае ад самага пачатку.

Палітык заявіў, што санкцыі павінны дзейнічаць толькі супраць тых людзей, якія іх заслугоўваюць. На яго думку, гэта "вярхушка вакол Лукашэнкі, якая падазраецца ў крымінальных злачынствах".

Пазняк лічыць, што Еўрасаюз павінен выпрацаваць ясную стратэгію ў дачыненнях з Беларуссю. Дагэтуляшнія спробы ён палічыў безвыніковымі.

Пазняк: Еўропа павінна мець канцэптуальную палітыку адносна Беларусі, якая будзе мець на ўвазе беларускія нацыянальныя інтарэсы. Трэба дапамагаць беларускаму народу — і тады будзе вынік у палітыцы. А калі ідзе толькі гульня паміж рэжымнай алігархіяй, то яна не прывядзе ні да чаго.

Па словах палітыка, палітычныя санкцыі супраць Беларусі выгадныя толькі Расіі. Ён сцвярджае, што расійская дыпламатыя дбала пра ўтрыманне санкцыяў. Для Беларусі ж больш выгадна, каб чыноўнікі маглі свабодна кантактаваць з Захадам і мяняцца пад яго ўплывам.

Пазняк: Нам больш зручна, калі гэтыя чыноўнікі будуць мець адчыненыя дзверы ў Еўропу. Яны таксама павінны мяняцца! Яны павінны бачыць іншае жыццё, інакш яны пойдуць толькі ў Расію. І гэта будзе выгадны толькі Расіі. І таму расійская дыпламатыя на Захадзе была зацікаўленая, каб былі гэтыя санкцыі, каб была ізаляцыя Беларусі, каб была ізаляцыя народу.

У адмене санкцыяў З.Пазняк не бачыць кардынальных палітычных зменаў. Але адзначае, што перамены ў Беларусі могуць адбыцца толькі знутры краіны.


Фота — zianonpazniak.de