Зяця Зянона Ломаця асудзілі на 4 гады турмы

Былы начальнік службы спецыяльных мерапрыемстваў спецпадраздзялення “Страла” і зяць старшыні Камітэта дзяржкантролю Зянона Ломаця Алег Рашчэня асуджаны да 4 гадоў турмы і канфіскацыі маёмасці. Акрамя таго, у дзяржаўны бюджэт ён павінен заплаціць суму, якая перавышае 100 мільёнаў рублёў. Як паведамляе "Народная воля", суд прызнаў яго вінаватым у заняцці прадпрымальніцкай дзейнасцю без рэгістрацыі і без ліцэнзіі; незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, спалучанай з атрыманнем прыбытку ў адмыслова буйным памеры; а таксама ў наўмысным, насуперак інтарэсам службы, здзяйсненні дзеянняў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам ды іншае.

Адбываць пакаранне зяць высокапастаўленага чыноўніка будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.