1 кастрычніка аднаўляецца судовы працэс над “Правым альянсам”

Сёння аднаўляецца судовы працэс супраць установы “Правы альянс”, закрыцця якой дамагаецца Мінгарвыканкам. І сёння суд мае разглядаць пазоў мэрыі па сутнасці. Сталічныя ўлады дамагаюцца закрыцця арганізацыі, паведамляе Радыё Свабода. “Правы альянс” цягам шасці год спрабаваў зарэгістравацца як палітычная партыя, але спробы былі безвыніковымі. У выніку летась з’явілася  інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова пад такой назвай. Чыноўнікі з Мінгарвыканкаму лічаць, што ўстанова мае сайт палітычнага зместу і, адпаведна, займаецца палітыкай. Дырэктар “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў паводзіць, што яго арганізацыя не мая ніякага дачынення да гэтага сайту, а таксама да друкаваных матэрыялаў палітычнага зместу, якія з’явіліся апошнім часам.

Супрацоўнікі ўстановы "Правы альянс" раней заяўлялі ў судзе, што распачалі і праводзяць кампанію змагання з травянымі сумесямі "Спайс", "Крысталіюс" ды іншымі, якія, хоць і ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, яшчэ нядаўна не былі забароненыя для продажу ў Беларусі. Таксама ўстанова актыўна вядзе кампанію "Анты-мак" па абмежаваньні продажу макавага насення, якое маладыя наркаманы выкарыстоўваюць для атрымання наркотыку.