10 траўня пераможцы гульні “Амерыканская мара” атрымалі ўзнагароды

Лепшыя знаўцы амерыканскай музычнай культуры сустрэліся ў Інфармацыйным цэнтры Амбасады ЗША ў Беларусі.
Цягам 20 сакавіцкіх дзён яны дасылалі адказы на пытанні, якія з’яўляліся на старноках “Еўрапейскага радыё для Беларусі” штодня а 16-й гадзіне.

Конкурс “Амерыканская мара” праходзіў ананімна: гульцы ведалі адно пра аднаго толькі нікнэймы. Але падчас цырымоніі ўзнагароджання высветлілася, што сярод пераможцаў ёсць знаёмыя.

Кацярына Вераб'ёва і Настасся Дзядкова разам навучаюцца ў 11-м класе адной з Мінскіх школ. Ілля Галяшэвіч, Зміцер Кажамячанка і Вольга Самусевіч у свой час захапляліся інтэлектуальнымі гульнямі, але гулялі за розныя каманды.

Пры пачатку цырымоніі да прысутных звярнуўся часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джонатан Мур. Яго прамова прагучала па-беларуску:
 
“Папуляпызацыя лепшых узораў амерыканскай культуры ёсць адной з асноўных задач амбасадаў па ўсім свеце <...> Мяркуючы па дакладных адказах, у Беларусі добра ведаюць амерыканскую музыку, яе гісторыю і факты аб выканаўцах”.

Для чатырох пераможцаў гульні “Амерыканская мара” супрацоўнікі Амбасады падрыхтавалі ліцэнзійныя кампакт-дыскі амерыканскіх выканаўцаў і энцыклапедыі року.

Гэтыя шматстаронкавыя ілюстраваныя даведнікі былі выдадзеныя ў ЗША і дастаўленыя ў Беларусь з дыпламатычнай поштай.

Пераможцы “Амерыканскай мары” атрымалі эксклюзіўныя кнігі – іх складана знайсці нават у еўрапейскіх бібліятэках, не тое, што ў прыватных кнігазборах.

Акрамя таго, усе ўдзельнікі віктарыны, якія трапілі ў TOP-10, атрымалі сувеніры ад Амбасады ЗША ў Беларусі.

Пасля цырымоніі супрацоўнікі амерыканскай амбасады правялі для знаўцаў амерыканскай музыкі кароткую экскурсію па Інфармацыйным цэнтры Амбасады ЗША. Так што цяпер яны яшчэ і знаўцы амерыканскага інфацэнтра.

Да жалю, з 10 пераможцаў “Амерыканскай мары” да Інфармацыйнага цэнтра Амбасады ЗША дабраліся толькі сямёра. Прызы адсутных чакаюць у рэдакцыі Еўрарадыё.

Самы загадкавы ўдзельнік гульні – чалавек, якога мы ведаем пад нікнэймам Lues – да гэтага часу не выйшаў на сувязь з нашай рэдакцыяй.

Поўны спіс пераможцаў:

Першыя прызы:

Зміцер Кажамячанка
Вольга Малюшыцкая
Ілля Галяшэвіч
Наталля Трухан

Дадатковыя прызы ад Амбасады ЗША:

Зміцер Кішылаў
Кацярына Вераб'ёва
Анастасія Дзядкова
Аляксей Апановіч
Вольга Самусевіч
Lues