100 беларусаў паўдзельнічаюць у антыядзерных акцыях пратэсту ў Нямеччыне
Больш за 100 беларусаў прымуць удзел у антыядзерных акцыях пратэсту “Кастор” у Нямеччыне, якія запланаваныя на пачатак лістапада. Акцыі ўяўляюць сабой блакаду рэек, па якіх праходзіць цягнік з ядзернымі адкідамі.
Такім чынам немцы пратэстуюць супраць захавання ядзерных адкідаў і існавання магільнікаў. Дарэчы, у “Касторы” прымаюць удзел прадстаўнікі ўлады Нямеччыны, палітычныя партыі, фермеры.
Нагадаем, “Кастор” ладзіцца адзін раз на два гады. У спыненні акцыі ўдзельнічаюць да 30 тысячаў паліцыянтаў. Падчас акцыі ўдзельнікі могуць кінуцца на цягнік з дрэва, прымацаваць сябе да рэек. Сёлета актывісты з Беларусі, Украіны і Расіі будуць удзельнічаць у “Касторы” як назіральнікі.
Для беларусаў удзел у антыядзерных акцыях пратэсту вельмі важны, распавяла ў інтэрв’ю Еўрарадыё кіраўніца кампаніі “Наш дом” Вольга Карач.
Карач: “Зараз на Беларусі ёсць планы будаваць атамную станцыю. На мой погляд, гэта яшчэ больш небяспечна, чым у Нямеччыне. Бо няма шырокага грамадскага кантролю. Самае галоўнае — Беларусь не такая вялікая краіна. Нам няма дзе хаваць ядзерныя адкіды”.
Паводле слоў Вольгі Карач, акрамя кампаніі "Наш дом", з беларускага боку назіраць падчас акцыі ў Нямеччыне будуць прадстаўнікі партыі “зялёных”, грамадскага аб’яднання “Зялёная сетка” і асобныя грамадскія дзеячы.