11:53 Патрапіць на Алімпіяду-2008 будзе складана

Больш за 7 мільёнаў квіткоў на Алімпійскія гульні 2008 года паступілі сёння ў продаж у Кітаі. Пра гэта паведаміў выканаўчы дырэктар Пекінскага аргкамітэта Алімпіяды Ван Вэй. Паводле яго слоў, 75% усіх квіткоў на цырымоніі адкрыцця і закрыцця гульняў, а таксама на ўсе спаборніцтвы будуць рэалізаваныя ў Кітаі, 25% — за мяжой.

Продаж квіткоў размеркаваны на тры этапы. Першы — з 15 красавіка да канца верасня 2007 года. За гэты час плануецца прадаць палову ўсіх квіткоў.

У кастрычніку-снежні адбудзецца другі этап. Ён будзе праходзіць па прынцыпе: "хто раней падаў заяўку, той і атрымаў квіток". У выпадку, калі колькасць жадаючых патрапіць на Алімпіяду перавысіць колькасць квіткоў, будзе праведзена своеасаблівая латэрэя.

На трэцім этапе плануецца арганізаваць продаж квіткоў непасрэдна ў месцах правядзення алімпійскіх мерапрыемстваў, пры ўмове, калі квіткі яшчэ застануцца.

Даражэй за ўсё каштуе патрапіць на цырымонію адкрыцця Алімпіяды — 650 долараў.

Інфармуе “Інтэрфакс”