12 ліпеня ў Беларусі пачаўся прыём дакументаў у ВНУ
12 ліпеня ў Беларусі пачаўся прыём дакументаў у ВНУ. Прымаць дакументы на бюджэт у абітурыентаў будуць да 17 ліпеня (у тым ліку ў творчыя ВНУ і сілавыя), на платныя месцы — да 4 жніўня (у сілавыя і творчыя ВНУ — да 31 ліпеня і 2 жніўня адпаведна), інфармуе БЕЛТА.
Выпускнікі профільных класаў педагагічнага кірунку, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці, для таго, каб прайсці сумоўе, мусяць падаць дакументы 12-14 ліпеня. Гэтыя тэрміны адносяцца і да бюджэтнікаў, і да платнікаў. Абітурыенты мусяць прадставіць у прыёмную камісію пашпарт, заяву, атэстат, сертыфікаты цэнтралізаванага трэставання, медыцынскую даведку, фотаздымкі, дакументы, якія пацвярджаюць ільготы.
Уступныя выпрабаванні па творчасці, фізічнай культуры, а таксама для абітурыентаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія паступаюць на скарочаную форму навучання, пачынаюцца з 18 ліпеня. На бюджэт залічваць будуць да 28 ліпеня (у сілавых ВНУ — да 24-га).