12:10 У межах Тыдня моды Беларусі ў Мінску пройдзе фестываль "Пакаленне Next"

У межах Тыдня моды Беларусі "Восень-зіма 2007-2008" 11 красавіка ў Мінску пройдзе фестываль моладзевай моды "Пакаленне Next". Пра гэта паведаміла член аргкамітэта Тыдня моды Ірына Фаміна. Паводле слоў спецыяліста, задача фестывалю - павысіць прэстыж і канкурэнтаздольнасць нацыянальнага прадукту і нацыянальнага дызайну, стаць зыходным пунктам для стварэння моладзевых брэндаў.

На фестывалі дызейнеры прадставяць новыя калекцыі адзення, бялізны, абутку, галаўных убораў. Прадугледжана праца савета прафесіяналаў, у склад якога ўваходзяць вядучыя дызайнеры Беларусі, прадстаўнікі канцэрна "Беллегпрам", міністэрстваў культуры і гандлю, сродкаў масавай інфармацыі.

Па выніках фестывалю савет прафесіяналаў вызначыць найлепшыя калекцыі ў намінацыях: "Вялікія надзеі" - адкрыццё новага дызайнерскага імя сярод мастакоў-мадэльераў; "Fast Fashion" - самая "вострая" моладзевая калекцыя; "Новае гучанне" - найлепшая камерцыйная моладзевая калекцыя; "Дрэс-код" - найлепшая падлеткавая калекцыя ў дзелавым стылі; "Дробязі жыцця" - найлепшая калекцыя дапаўненняў і аксесуараў, а таксама "Місіс Next".

Заснавальнікамі і арганізатарамі фестывалю выступаюць канцэрн "Беллегпрам", адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Цэнтр моды", "Белфа", "Сукно", "Камволь" і "Свiтанак". Фаміна паведаміла, што Тыдзень моды пройдзе ў Беларускім цэнтры моды з 10 па 12 красавіка.

У праграме - лекцыі, даклады, круглыя сталы, прэзентацыі і паказы калекцый. 12 красавіка адбудзецца вячэрні паказ аўтарскіх калекцый беларускіх дызайнераў Эльвіры Жвікавай, Марыі Цыцэвіч, Анастасіі Броўкі, Андрэя Варашкевіча.