13:09 Адрыян Севярын дае парады Савету бяспекі ААН наконт Беларусі

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў сферы правоў чалавека ў Беларусі Адрыян Севярын мае намер рэкамендаваць Савету бяспекі ААН прыняць адпаведныя захады для забеспячэння выканання нашай краінай яе прававых абавязацельстваў.  Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Севярына, што размешчаны на афіцыйным сайце Савета ААН па правах чалавека. Даклад сведчыць аб тым, што Беларусь не выконвае абавязацельствы, прынятыя ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі па правах чалавека, да якіх яна далучылася.

Спецдакладчык канстатуе, што трэці год запар урад Беларусі катэгарычна адмаўляецца супрацоўнічаць з ім: "Усе намаганні па наладжванні канструктыўнага дыялогу аказаліся безвыніковымі. Адсутнасць любой рэакцыі мае на ўвазе, што ўрад Беларусі прызнае факты, якія змяшчаюцца ў дакладзе".

Севярын зазначае, што на працягу 2006 года становішча ў сферы правоў чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршалася, а яго высновы і ацэнкі гэтай сітуацыі былі пацверджаныя і поўнасцю падтрыманыя многімі еўрапейскімі арганізацыямі, у прыватнасці АБСЕ, Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, Саветам Еўропы, Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы, Саветам ЕС, Еўрапарламентам, Еўракамісіяй і Парламенцкай асамблеяй НАТА.

"Немагчыма сабе ўявіць, што ўсе гэтыя людзі памыляюцца або неаб'ектыўныя", — кажа А.Севярын. У сваім дакладзе ён падкрэслівае, што "толькі нешматлікія дзяржавы падтрымліваюць цяперашні рэжым у Беларусі".

"Падтрымка з іх боку можа тлумачыцца ідэалагічнымі або геапалітычнымі прычынамі", — лічыць спецдакладчык.

Севярын таксама мае намер рэкамендаваць Савету ААН па правах чалавека звярнуцца ва Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека з просьбай пачаць тэрмінова ствараць групу экспертаў для "высвятлення адказнасці вышэйшых службовых асоб беларускага ўрада за знікненні або забойствы шэрагу грамадскіх дзеячаў і журналістаў, а таксама для ўнясення канкрэтных прапаноў аб распачынанні ў дачыненні да іх пераследу, каб пакласці канец беспакаранасці асоб, уцягнутых у гэтыя злачынствы".

Севярын таксама рэкамендуе, каб усе дзяржавы — члены ААН, у прыватнасці Расія і Украіна, прынялі меры для абмежавання паездак за мяжу службовых асоб Беларусі, якія ўжо прынялі Еўрасаюз і ЗША.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што для звычайных грамадзян Беларусі паездкі за мяжу варта не толькі спрасціць, але і зменшыць плату за візы або нават вызваліць ад яе.