15:35 Абвешчаны спіс кандыдатаў на атрыманне спартыўнага “Оскара”

Кіраўніцтва Усясветнай спартыўнай акадэміі абвясціла спіс кандыдатаў на атрыманне прэміі Laureus Award – спартыўнага аналагу “Оскара”.
У мужчын за тытул паспрачаюцца: першая ракетка свету Рожэ Федэрэр (Швейцарыя), гальфіст Тайгер Вудс (ЗША), лепшы футбаліст 2006-га года, абаронца зборнай Італіі і мадрыдскага “Рыала” Фабіа Канавара, лепшый бягун на дыстанцыі 100м. Асафа Паўэл (Ямайка), пілоты “Ф1” Міхаэль Шумахер (Нямеччына) і Фернанда Алонса (Гішпанія).

У жанчын намінаваныя: чэмпіёнка свету па скоках з шастом Елена Ісынбаева (Расія) , першая ракетка свету Марыя Шарапава (Расія), тэнісісткі Жусцін Энін-Ардэн (Бельгія) і Амелі Марэсмо (Францыя), дзесяціборка Караліна Клюфт (Швецыя) і плыўчыха Лора Манаду (Францыя).

Славуты французскі футбаліст Зінэдзін Зідан вызначаны ў намінацыю “Вяртанне году”, зборная каманда Італіі па футболе, зборная Гішпаніі па баскетболе і каманда “Ф1” “Рэно” намінаваныя на званне “Каманда года”.

Пераможцаў Laureus Awards, вызначаюць 1068 спартыўных журналістаў з 128-мі краінаў, якія ўваходзяць ў Сусветную спартыўную акадэмію Laureus.

Вынікі галасавання будуць абвешчаны 2-га красавіка 2007-га года ў Барселоне.