18:25 Дзяржаве не акупаецца ўтрыманне дзяцей з праблемных сем’яў

Судам удаецца спагнаць толькі чвэрць сродкаў, выдаткоўваемых дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў. Нагадаем, адпаведны дэкрэт прэзідэнта патрабуе поўнага пакрыцця бацькамі выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне іх дзяцей у выпадку пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

Прычына такой сітуацыі, на думку Федарцова, у тым, што спаганяць выдаткі даводзіцца са "спецыфічнага кантынгенту", а таксама ў тым, што ў краіне адсутнічае дослед працы з такімі асобамі. Па яго дадзеных, на 1 студзеня 2007 года ў Беларусі пазбаўленымі бацькоўскіх правоў з'яўляюцца звыш 32 тысяч грамадзян. Летась правоў пазбавілі больш за 4 тысячы чалавек, паведамляе “Інтэрфакс”.