2 траўня ў Беларусі пачынаецца рэгістрацыя на ЦТ
2 траўня ў Беларусі пачынаецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ). Як перадае БЕЛТА, яна працягнецца па 1 чэрвеня.
Як і летась, абітурыент зможа прыйсці ў пункт рэгістрацыі ў адным горадзе, але аформіцца для здачы ЦТ у іншых гарадах. Таксама на ЦТ абітурыента можа зарэгістраваць блізкі сваяк, якому пры сабе трэба мець натарыяльна завераную даверанасць і ксеракопію пашпарта. Такія ж дакументы спатрэбяцца для атрымання дакументаў па выніках ЦТ.
Пункты рэгістрацыі будуць працаваць з 9.00 да 19.00 (у суботы 14 і 28 траўня і ў нядзелю 22 траўня — з 9.00 да 18.00).
Пры рэгістрацыі абітурыент падае заяву на свой выбар на адной з дзяржаўных моваў. Ён павінен падаць дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца), або даведку, якая выдаецца пры страце дакумента, які сведчыць асобу. Пасля падачы заявы абітурыент атрымлівае ў работніка пункта рэгістрацыі асабісты рахунак і аплочвае прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні.
Дарэчы, сёлета ўпершыню аплата за прыём і афармленне дакументаў на ЦТ будзе праводзіцца з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП). Аплата за адзін навучальны прадмет складзе 21 тысячу рублёў (0,1 базавай велічыні).
Пасля рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты за прыём і афармленне дакументаў абітурыент атрымлівае пропуск. На ім павінна быць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар.
Іспыты пройдуць з 13 па 27 чэрвеня. 13 чэрвеня — беларуская мова, 14 чэрвеня — руская мова, 16 чэрвеня — грамадазнаўства, 18 чэрвеня — біялогія, 19 чэрвеня — матэматыка, 21 чэрвеня — гісторыя Беларусі, 23 чэрвеня — хімія, 24 чэрвеня — фізіка, 25 чэрвеня - замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), 27 чэрвеня — сусветная гісторыя (найноўшы час), геаграфія. Пачынацца ЦТ будзе ў 11.00. Рэзервовы дзень праходжання ЦТ — 5 ліпеня. ЦТ па ўсіх навучальных прадметах у рэзервовы дзень будзе праходзіць у БДУ. Тэрміны рэгістрацыі ў рэзервовы дзень: 28 чэрвеня — 1 ліпеня.
Так званае ніжняе парогавае значэнне адзнак ЦТ-2016 па беларускай або рускай мове для абітурыентаў складзе ад 0 да 9 балаў. Выключэннем будуць некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, дзе гэтае значэнне знаходзіцца ў дыяпазоне ад 0 да 19 балаў (уключна). У 2016 годзе нездавальняючымі адзнакамі вызначаныя: па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14 балаў (уключна); гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 19 (уключна); па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — 0 да 9 (уключна); гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14 (уключна).
Ніжнія парогавыя значэння адзнак ЦТ у ВНУ Мінабароны, МНС, Памежнага камітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў ВНУ па групах спецыяльнасцяў "вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства", "жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства", "сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый", "меліярацыя і водная гаспадарка", "Аграінжынер", у МУС (толькі на месцы дадатковага набору) па такіх прадметах, як беларуская мова, руская мова, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), —вызначаныя ад 0 да 4 балаў (уключна).