25 жніўня – Дзень аднаўлення незалежнасці Беларусі

На сёння прыпадаюць 16-я ўгодкі аднаўлення дэ-юрэ незалежнасці Беларусі. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў статус канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прынятай 27 ліпеня 1990-га. Гэта адбылося пасля паразы жнівеньскага путчу ў Маскве. Пад ціскам дэпутацкай Апазіцыі БНФ на чале з Зянонам Пазьняком пракамуністычная большасць Вярхоўнага Савету прагаласавала за незалежнасць нашай краіны ад Масквы.

Вось што ўспамінае пра тыя падзеі Алег Трусаў, кіраўнік Таварыства беларускай мовы, а ў той час – дэпутат Апазіцыі БНФ:

“Сабраўся Вярхоўны Савет, на плошчы Незалежнасці знаходзіліся некалькі тысяч чалавек. Унеслі ўрачыста ў зал, дзе праходзіла сесія Вярхоўнага Савета, бел-чырвона-белы сцяг. Ну і амаль аднагалосна прагаласавалі. Так што адбылося вельмі прыгожа”.

Нагадаем, што канчаткова развал Савецкага Саюзу быў аформлены падпісаннем Белавежскіх пагадненняў у снежні 1991 года. Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

Фота - Photo.ByMedia.net