28 студзеня ў Гомелі адкрыецца выстава памяці Івана Шамякіна

Літаратурна-дакументальная выстава "Іван Шамякін. Мае кнігі - мая біяграфія" адкрыецца 28 студзеня ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых і Паскевічаў. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі ўстановы культуры.

30 студзеня краіна адзначае 90-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, выхадца Добрушскага раёна Гомельшчыны. Выстава, прысвечаная гэтай даце, адлюстроўвае галоўныя этапы жыццёвага і творчага шляху знакамітага пісьменніка.

Асноўнымі экспанатамі з'яўляюцца прадметы з яго асабістага архіва, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: фатаграфіі, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі і шматлікае іншае.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел даследчыкі і прыхільнікі творчасці Івана Шамякіна, родныя і сябры.