31 студзеня Савет міністраў Еўрасаюза прыме заключэнні па Беларусі

У панядзелак 31 студзеня Савет міністраў Еўрасаюза прыме заключэнні па Беларусі. Усе 27 міністраў замежных спраў краін ЕС абмяркуюць у Брусэлі сітуацыю ў нашай краіне, а таксама Тунісе, Судане, Ліване і шэрагу іншых краін.

У інфармацыйнай запісцы прэс-службы Савета ЕС паведамляецца "Савет ЕС абмяркуе сітуацыю ў Беларусі пасля гвалту і рэпрэсій, якія азмрочылі прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 года. Ён прыме заключэнні, у якіх чакаецца заклік да неадкладнага вызвалення затрыманых па палітычных прычынах і заява аб далейшай падтрымцы грамадзянскай супольнасці і беларускага народа. Чакаецца, што Савет ЕС увядзе абмежаванні на ўезд і замарозку актываў грамадзян, адказных за фальсіфікацыю снежанскіх выбараў і наступных рэпрэсій".

У паведамленні прэс-службы адсутнічаюць пункты, звязаныя з эканамічнымі  санкцыямі, да якіх 20 студзеня ў сваёй рэзалюцыі заклікалі дэпутаты Еўрапарламента.