4-гадовую дачку забіла жыхарка Нясвіжа

Жыхарка Нясвіжа нанесла 4-гадовай дачцэ больш за 30 удараў скалкаю. Біла па галаве і па ўсім целе. Дзяўчынка жыла яшчэ суткі, але баялася прызнацца хатнім, што ёй баліць, таму медыцынскую дапамогу ёй не аказалі. Маці сцвярджае, што збіла дачку, бо тая спрабавала пашкодзіць свайму нованароджанаму браціку. На ўліку ў міліцыі ды ў псіхіятраў жанчына не стаяла.

Нейкі час таму нясвіжанка развялася з мужам. Пара падзяліла дзяцей: мужчына ўзяў 6-гадовага сына, а маці — дачку. 20 дзён таму жанчына нарадзіла яшчэ адно дзіця ад грамадзянскага мужа. Лёс немаўляці вызначаць апякунчыя органы, а маці — суд. Ёй пагражае за забойства малалетняй ад 15 гадоў да найвышэйшай меры пакарання.