51-гадовая расіянка пагражала тэрактам, каб выбрацца з Брэста

У Брэсце за ілжывае паведамленне пра падрыхтоўку тэракту затрыманая 51-гадовая грамадзянка Расіі. На яе пачалі крымінальную справу.
Як паведамляе БелаПАН, увечары 18 чэрвеня жанчына затэлефанавала ў міліцыю і заявіла, што ў 22.00 яна збіраецца здзейсніць тэракт каля будынка Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце. Яна назвала сябе і апісала свой выгляд.

На месца меркаванага тэракту выехалі супрацоўнікі праваахоўных органаў і сапёры. Насупраць будынка дыпмісіі яны затрымалі жанчыну, якая тэлефанавала ў міліцыю. Пры ёй былі дзве сумкі, але выбуховых прадметаў у іх не знайшл.

Па словах жанчыны, 16 чэрвеня яна прыехала ў Брэст цягніком з Расіі. Тут яна спадзявалася знайсці працу і жытло. Аднак ёй гэта не ўдалося, а грошы скончыліся. Тады жанчына вырашыла пайсці на такі крок, каб прыцягнуць увагу да сваёй праблемы.