Абітурыенты Віцебшчыны не хочуць быць заатэхнікамі

Эканоміка, права і архітэктура карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў абітурыентаў Віцебскай вобласці. Конкурсы на гэтыя спецыяльнасці — самыя высокія ў ВНУ рэгіёну, паведамляе БЕЛТА. Канкурэнцыя сярод маладых людзей, якія вырашылі стаць архітэктарамі, у Полацкім дзяржаўным універсітэце склала 6,7 чалавек на месца. Традыцыйна шырока запатрабаваная спецыяльнасць "правазнаўства" ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Пятра Машэрава. Тут на адно месца прэтэндуюць 12,4 чалавека. У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце высокую планку трымаюць эканамічныя спецыяльнасці (5 чалавек на месца), фінансы і крэдыт (5,4), дызайн (ад 4 да 5). А ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны папулярнасцю карыстаюцца ветэрынарная санітарыя і экспертыза (3,5).

Практычна незапатрабаванымі апынуліся сярод абітурыентаў тэхнічныя спецыяльнасці лёгкай прамысловасці. Конкурс на іх склаў 1,3-1,5 чалавек на месца. У Віцебскім дзяржуніверсітэце на спецыяльнасць "музычнае мастацтва і замежная мова" конкурс быў 1 чалавек на месца. А на "заатэхнію" ў ветакадэміі быў нават недабор — 0,9 чалавека на месца.