АБСЕ заклікае Беларусь перагледзець рашэнне аб закрыцці мінскага офіса

Міністр замежных спраў Літвы Аудронюс Ажубаліс, які заступае на пасаду дзейнага старшыні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, заклікаў урад Беларусі перагледзець сваё рашэнне аб непрацягненні мандата офіса АБСЕ ў Мінску.

Ажубаліс выказаў "глыбокае шкадаванне" па прычыне непрацягнення мандата офіса АБСЕ ў Мінску беларускімі ўладамі. "Гэта тым больш расчароўвае ў святле абавязацельстваў, узятых на сябе кіраўнікамі дзяржавы і ўрада на саміце АБСЕ ў Астане", — гаворыцца ў заяве.

Паводле слоў дыпламата, з 1998 года офіс АБСЕ ў Мінску аказваў цэнную падтрымку намаганням урада, накіраваным на садзейнічанне істытуцыянальнаму будаўніцтву, умацаванне вяршэнства закона і развіццё адносін з грамадзянскай супольнасцю ў адпаведнасці з прынцыпамі і абавязацельствамі АБСЕ, а таксама на распрацоўку мер у эканамічнай і экалагічнай сферах. "Мандат офіса не быў выкананы, — падкрэсліў Ажубаліс. — Ёсць важная праца для працягу дзейнасці АБСЕ ў Беларусі".

Ажубаліс заклікаў беларускія ўлады перагледзець сваю пазіцыю такім чынам, каб АБСЕ змагла захаваць сваю прысутнасць у Мінску.

Тэрмін дзеяння мандата офіса АБСЕ ў Мінску, які працягваўся штогод, мінуў 31 снежня 2010 года. У гэты дзень беларускі бок прыняў рашэнне не працягваць мандат.

Як заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, гэтае рашэнне "абумоўлена адсутнасцю аб'ектыўных падстаў для захавання місіі АБСЕ ў Беларусі".