Адбыўся запуск Вялікага адроннага калайдэра

На мяжы Швейцарыі і Францыі запушчаны Вялікі адронны калайдэр — самы магутны ў гісторыі паскаральнік элементарных часціц. Пра гэта паведамляе РИА Новости. Нагадаем, калайдэр — гэта будынак, пабудаваны на 100-метровай глыбіні пад мяжой Францыі і Швейцарыі, які ўяўляе сабой 27-кіламетровы колцавы тунель, у якім усталяваны паскаральнік зараджаных часціц у выглядзе гіганцкай трубы.

Мэта даследаванняў — запусціць пучкі пратонаў у розныя бакі, разагнаць іх да велізарных хуткасцяў, пасля чаго частка з іх сутыкнецца паміж сабой з вялізнай энергіяй. Пры такіх энергіях павінны нараджацца новыя элементарныя часціцы, і навукоўцы маюць намер наблізіцца да адказу, як быў створаны Сусвет.

Навукоўцы сцвярджаюць, што запуск калайдэра бяспечны, аднак нямала і тых, хто рыхтуецца да канца свету, адзначае “Інтэрфакс”. У прыватнасці, існуюць здагадкі, што ў выніку эксперыментаў могуць утварыцца мікраскапічныя чорныя дзіры, якія "праваляцца" да цэнтра Зямлі і пачнуць пажыраць планету знутры.