Адкрыты чэмпіянат Беларусі па хакеі стартуе 7 верасня

Федэрацыя хакею апублікавала каляндар і рэгламент 19-га адкрытага чэмпіянату Беларусі. Турнір у экстралізе стартуе 7 верасня. У матчы сустрэнуцца дзве найлепшыя каманды мінулага сезону - мінскае "Юнацтва" і салігорскі "Шахцёр", паведамляе БЕЛТА. Астатнія паядынкі першага тура пройдуць 8 верасня. У беларускай хакейнай экстралізе выступяць 12 камандаў з трох краін. Акрамя згаданых "Юнацтва" і "Шахцёра", гэта будуць "Гомель", кіеўскі "Сокал", магілёўскае "Хімвалакно", гродзенскі "Нёман", "Віцебск", жлобінскі "Металург", латвійскі "Металургс" з Ліепаі, "Брэст", бабруйскі "Шыннік" і наваполацкі "Хімік-СКА".

У параўнанні з мінулым сезонам колькасць удзельнікаў скарацілася на дзве каманды. Мінскі "Керамін" быў расфармаваны, а рыжскае "Дынама-Юніёрс" будзе выступаць у Моладзевай хакейнай лізе.

Пачатак матчаў экстралігі ў будныя дні - 18.30, па суботах - у 17.00, па нядзелях і святочных днях - у 13.00.

Чэмпіянат Беларусі ў вышэйшай лізе стартуе 11 верасня.