Адвакат: Спадзяюся, што Ўладзімір Някляеў жывы

Да гэтага часу адвакат Тамара Сідарэнка не здолела сустрэцца з Уладзімірам Някляевым, які ўжо чацвёрты дзень знаходзіцца ў СІЗА КДБ. А гэта азначае, кажа яна, што афіцыйныя следчыя дзеянні з ім не праводзілі. Праўда, не выключае, што аператыўнікі з ім перыядычна сустракаюцца. Тамара Сідарэнка: “Калі прыходзяць нейкія аператыўныя супрацоўнікі і раптам выклікаюць чалавка, кажуць: “Мы з вамі хочам пагаварыць”, тады, нібыта, і адвакат не патрэбны. Але чалавек таксама мае права не гаварыць з такімі людзьмі без адваката. А калі выклікае афіцыйна следчы, па следству, то без абаронцы нельга праводзіць следчыя дзеянні. І тое, што следчы яго (Някляева - ЕРБ) не апытвае – гэта адназначна. Тым больш, што мы час ад часу яму тэлефануем, нешта ўдакладняем”.

Але, кажа, і следчы не дапамог адвакату сустрэцца з Някляевым учора, 22 снежня. Па словах Тамары Сідарэнкі, ня гледзячы на тое, што яны былі першымі ў чарзе адвакатаў на сустрэчу з затрыманымі, іх чарга так і “не дайшла”. Дзяжурны, кажа адвакат, увесь час адказваў, што абодва кабінеты, прызначаныя для такіх сустрэч, занятыя. Тамара Сідарэнка напісала скаргу з гэтай нагоды генпракурору, але ніякай рэакцыі пакуль няма.

Нягледзячы на гэта адвакат спадзяецца, што паведамленні пра смерць Уладзіміра Някляева ў СІЗА КДБ, якія з’явіліся ў сацыяльных сетках яшчэ ўчора, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Тамара Сідарэнка: “Я спадзяюся, што гэта няпраўда. Альбо вялікія містыфікацыі. Але перадачу прынялі апроч таго, я на імя старшыні КДБ напісала паперу, каб хаця б скаргу Някляеў мог падпісаць на адрас Выбарчай камісіі. Каб пасадзейнічалі гэтаму, бо я да яго (Някляева – ЕРБ) не магу патрапіць. Напрыканцы дня я напісала гэтую паперу. Прымалі паперы і вялікай заклапочанасці я не бачыла. Магчыма, гэта таямніца нават для супрацоўнікаў. Можа, яны добра іграюць сваю ролю. Але я спадзяюся, што гэта непраўда”.

Сёння адвакат Уладзіміра Някляева будзе ў чарговы раз спрабаваць сустрэцца з затрыманым палітыкам. Але, кажа, сёння там новая чарга і кабінеты для сустрэч ізноў занятыя. Ці атрымаецца сустрэцца – прадказаць немагчыма. Але як і ўчора, яна будзе чакаць у прыёмнай да апошняга моманта.