Афанасьева пажадала камандзе Захарава “годна выступіць” у Ванкуверы

Вялікая заўзятарка хакея Іна Афанасьева вельмі непакоіцца за алімпійскую каманду Міхаіла Захарава. Яна нават сочыць за навінамі пра стан здароўя траўмаваных беларускіх хакеістаў Грабоўскага, Касціцына і Салея. Шкада – але асабіста падтрымаць беларусаў у Ванкуверы ў спявачкі не атрымаецца: Іна Афанасьева: “На жаль, у мяне паехаць не атрымаецца, таму што ў нас канцэрты. Разумееце, ёсць абставіны, пры якіх можна што-небудзь зрабіць, а ёсць такія, пры якіх нельга”.

Сапраўды, Еўрарадыё высветліла, што 14 лютага Іна Афанасьева возьме ўдзел у святочным канцэрце Іскуі Абалян “Гараскоп кахання”. А 26 лютага спявачка едзе з сольным канцэртам у Брэст.

На перамогу нашых хакеістаў у Ванкуверы Іна Афанасьева не спадзяецца. І нават пра медалі не кажа. Але, тым не менш, жадае камандзе Міхаіла Захарава “годна прадставіць нашую краіну”.

Іна Афанасьева: “Я хачу пажадаць нашай зборнай сілы духа, характару, не здавацца ні пры якіх абставінах і змагацца да перамогі да апошняга – да апошняга імгнення. Ёсць шмат прыкладаў таго, як за дзве секунды да заканчэння матча закідваюцца пераможныя шайбы. І гэты поспех усіх захапляе – і балельшчыкаў, і ўсіх хакеістаў”.