"Афганец" Аляксандр Камароўскі стаў лаўрэатам прэміі Юрыя Захаранкі

Лаўрэатам прэміі імя Юрыя Захаранкі па выніках 2009 года стаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане "Абаронцы Айчыны" Аляксандр Камароўскі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з заснавальнікаў прэміі праваабаронца Алег Воўчак. Прэмія ўручаецца штогод дэмакратычным рухам, які аб'ядноўвае афіцэраў — былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іншых сілавых структур Беларусі. Па словах Воўчака, лаўрэатам прэміі становіцца мужны чалавек, які ахвяруе сваім жыццём, здароўем і сям'ёй дзеля адстойвання дэмакратычных каштоўнасцяў.

Воўчак: Камароўскі на працягу апошніх двух гадоў практычна адзін-адзіны з афіцэраў, які выступае супраць дыктатуры, парушэнняў правоў чалавека. Ён даволі вядомы, сам адседзеў 7 сутак, прыцягвалі яго да адміністрацыйнай адказнасці. Пачыналі крымінальную справу...

Сёлета ўпершыню дыплом прэміі намаляваны беларускім мастаком Алесем Пушкіным, які сам ваяваў у Афганістане.Па словах Воўчака, на дыпломе, стылізаваным пад сярэднявечную грамату, — выява рыцара, якая нагадвае "Пагоню". Пры гэтым рыцар мае шлем з адкрытым забралам — так, як і называецца сама прэмія.

Плануецца, што ўручэнне прэміі адбудзецца 23 лютага на сядзібе Партыі БНФ у Мінску.