Афіцыйны Мінск запрасілі на саміт Усходняга партнёрства

Аднак свой білет Аляксандр Лукашэнка мусіць перадаць Сяргею Мартынаву Удзельнікі нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза, якая праходзіла 27-28 сакавіка ў чэшскім горадзе Глубака, прынялі арыгінальнае рашэнне наконт запрашэння кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на травеньскі саміт дзяржаў-удзельніц праграмы ЕС "Усходняе партнёрства".

Лукашэнка атрымае запрашэнне, але адначасова яму дадуць зразумець, што ў Прагу 7 траўня мусіць паехаць не ён, а хтосьці іншы, напрыклад, міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Дарэчы, пра такую магчымасць аналітыкі і заходнія палітыкі гаварылі яшчэ месяц таму.

Як паведамляе Радыё Свабода, прыняццю такога рашэння папярэднічала гарачая дыскусія. Галоўным апанентам запрашэння Лукашэнкі ў Прагу выступіў міністр замежных спраў Нідэрландаў Максім Фэрхаген. Ён запатрабаваў гарантый, што, нягледзячы на запрашэнне Лукашэнкі, на саміт прыедзе Мартынаў. У адваротным выпадку Нідэрланды пагражаюць "публічным выкрыццём беларускага лідэра". 

Па выніках сустрэчы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Хаўер Салана адзначыў: "Гэта вельмі важны саміт, і мы хацелі б, каб на ім былі прадстаўленыя ўсе".

БелаПАН нагадвае, што 20 сакавіка лідэры краін ЕС ухвалілі новую праграму "Усходняе партнёрства" з удзелам шасці постсавецкіх краін — Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. У пачатку красавіка на сесіі ў Бруселі Еўрапарламент плануе прыняць рэзалюцыю па Беларусі.

На здымку: Хаўер Салана і Сяргей Мартынаў. Люксембург, 13 кастрычніка 2008 г.

Фота - AP/DW