Афшоры Кіпра з-за санкцый ЕС не закрыюцца для беларускіх грошай

Кіпр па-ранейшаму застаецца афшорнай зонай, дзе могуць зарабляць ці “адмываць” грошы ўсе, хто заўгодна. І ніякія палітычныя альбо эканамічныя санкцыі Еўрасаюза не стануць перашкодай для таго, каб грошы ў эканоміку Кіпра ўклалі, да прыкладу, беларускія прадпрыемствы. Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы заявіў сябра праўлення “Агенцтва па прасоўванні інвестыцый на Кіпры” Лефтэрыс Элефтэрыу.

Лефтэрыс Элефтэрыу:
“У шырокім сэнсе слова Беларусь для нас — неаранае поле з пункту гледжання інвестыцый. У нас няма ніякіх палітычных пытанняў, складанасцяў з вашай краінай. Нашы міністры ды іншыя афіцыйныя асобы ніколі не давалі нам распараджэнняў не весці справы з пэўнымі краінамі. Наадварот — мы прыцягваем як мага больш інвестараў з-за мяжы. Праўда, неабходна адзначыць, што мы падпісалі дамову аб змаганні з адмываннем грошай і забаронена прыцягваць грошы, заробленыя несумленным шляхам. І мы вельмі ў гэтым асцярожныя. Але гэта мае дачыненне да кампаній, а не да краін”.

Па яго словах, ужо зараз на Кіпры маюць свае аддзяленні 2 беларускіх банка і зарэгістравана каля 10 беларускіх кампаній (адзначым, што на Кіпры самыя нізкія падаткі ва ўсім ЕС — 10%). І толькі ў 2010 годзе Беларусь інвеставала ў эканоміку Кіпра больш за 20 мільёнаў долараў. Праўда, што гэта былі за інвестыцыі, якія беларускія кампаніі ўкладалі грошы ў кіпрскую эканоміку, эксперт не ўдакладніў.