"Ак Барс" спыніў пераможную серыю мінскага "Дынама" ў КХЛ

У чарговым матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі 14 лістапада мінскае "Дынама" саступіла ў Казані суседу па турнірнай табліцы "Ак Барсу" з лікам 1:4 (0:1, 1:2, 0:1).
Адзіную шайбу ў дынамаўцаў у большасці закінуў Уладзімір Дзянісаў.

Да гэтай сустрэчы "Дынама" атрымала чатыры перамогі запар, што стала клубным рэкордам, адзначае БелаПАН.

Пасля 22 матчаў на рахунку "Дынама" 30 ачкоў (8 перамог у асноўны час, 1 у авертайме, 2 па булітах і 11 паражэнняў у асноўны час, 52 закінутыя і 60 прапушчаных шайб). Каманда займае пятае месца ў дывізіёне Баброва, дзевятае — у Заходняй канферэнцыі і 15-е — у агульнай табліцы.

Наступны матч мінчане згуляюць 16 лістапада ў Ніжнякамску супраць "Нафтахіміка". Затым "Дынама" правядзе пяць сустрэч дома: 19 лістапада — з МУС (Балашыха), 21-га — са "Спартаком" (Масква), 23-га — з "Лакаматывам" (Яраслаўль), 26-га — з "Дынама" (Масква), 28-га — са СКА (Санкт-Пецярбург).