Актывіста БХД спыталі ў КДБ, ці біў ён шыбы ў Доме ўрада

Сёння ў Рагачове ў мясцовым аддзяленні КДБ пагутарылі з актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзянісам Дашкевічам. Як паведаміў БелаПАН Дашкевіч, яго папярэдзілі пра тое, што ў выпадку ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых акцыях яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

"Таксама мяне папярэдзілі, што ў Крымінальным кодэксе ёсць артыкулы за знявагу прэзідэнта. Чэкісты цікавіліся, ці збіраюся я нейкім чынам браць удзел у парламенцкіх выбарах, а таксама паказалі фотаздымкі з акцыі 19 снежня ў Мінску і прасілі апазнаць зафіксаваных там людзей", — адзначыў Дашкевіч.

У актывіста таксама спыталі, ці біў ён шыбы ў Доме ўрада.