Актывісту "Маладога фронту" не дазволілі правесці дабрачынны канцэрт

Актывісту міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (яна зарэгістраваная ў Чэхіі) Дзянісу Карнову адмоўлена ў правядзенні дабрачыннага канцэрта ў Мінску.
Карноў падаваў заяву на правядзенне дабрачыннага музычнага канцэрта ў межах агульнанацыянальнай кампаніі "Беларускую кнігу - дзецям!" 16 кастрычніка. Мерапрыемства было запланаванае на 1 лістапада на плошчы Бангалор.

У адмове Мінгарвыканкама зазначаецца, што ў правядзенні мерапрыемства адмоўлена "у сувязі з тым, што пададзеная заява не адпавядае патрабаванням закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Канкрэтныя падставы адмовы не пазначаны.

Сам Дзяніс Карноў лічыць, што такія крокі з боку афіцыйных структур яскрава сведчаць пра нежаданне ўлады ісці насустрач. "Забарона дабрачыннага музычнага канцэрта, з дапамогаю якога мы хочам хоць трохі дапамагчы дзецям-сіротам, - проста абуральная. Гэта паказчык так званых "змен" і "лібералізацыі" нашай краіны", - сказаў актывіст.

Паводле слоў арганізатараў акцыі і прэс-сакратара "Маладога фронту", маладыя людзі займаюцца пошукам памяшкання, каб правесці канцэрт у зале, а не на адкрытым паветры.

БелаПАН