Алесь Бяляцкі: "Сілавікі" адзначылі святы і ператрусы працягнуліся

Супрацоўнікі КДБ пачалі ператрус у доме мінскай праваабаронцы Насты Лойкі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў грамадскі дзяяч Алесь Бяляцкі. Нагадаем, супрацоўнікі КДБ збіраліся ўзламаць дзверы, але Наста Лойка праз суседзяў папрасіла перадаць, каб іх не ламалі да яе прыезду. Яна прыехала разам з іншымі праваабаронцамі — Алесям Бяляцкім, Алегам Гулаком ды праваабаронцамі з Расіі і Польшчы.

Паводле слоў Бяляцкага, праваабаронцы засталіся каля дома, у які ўвайшла Наста Лойка, яе маці і супрацоўнікі КДБ з панятымі. Ператрус робіцца на падставе пастановы, звязанай з "масавымі беспарадкамі 19 снежня", аднак статус самой Насты невядомы.

Адзначым, што Наста Лойка займаецца праваабарончай дзейнасцю.

"Два дні было пэўнае зацішша. Відаць, супрацоўнікі КДБ і пракуратуры святкавалі. Зараз святы скончыліся і ператрусы працягнуліся", — кажа Алесь Бяляцкі.