Алеся Баразенку адпусцілі пасля допыту ў КДБ

Журналіста тэлеканала “Белсат” Алеся Баразенку адпусцілі пасля допыту. З яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні.  Як распавёў Алесь у эфіры Еўрарадыё, падчас ператрусу ў яго дома быў канфіскаваны асабісты ноўтбук, носьбіты інфармацыі, нататнік.

Па яго словах, следчыя паабяцалі вярнуць рэчы. Але гэта будзе залежаць ад таго, што знойдзецца на камп’ютары, і як будзе ісці следства.

Нагадаем, ператрус у кватэры журналіста пачаўся а 6-й раніцы. Супрацоўнікі КДБ прад’явілі санкцыю, падпісаную пракурорам. Ператрус звязаны з крымінальнай справай аб масавых беспарадках 19 снежня.