Пайшла з жыцця аўтарка "Персеполіса" Маржан Сатрапі

Маржан Сатрапі

Маржан Сатрапі / rmf24.pl

Памерла аўтарка "Персеполіса", франка-іранская пісьменніца і кінарэжысёрка Маржан Сатрапі, паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на члена яе бліжэйшага атачэння. Ёй было 56 гадоў.

Маржан Сатрапі памерла ад гора крыху больш чым праз год пасля смерці Матціяса Рыпы, яе мужа і кахання ўсяго яе жыцця, гаворыцца ў заяве, перададзенай журналістам. Рыпа, шведскі прадзюсар, акцёр і сцэнарыст, памёр 8 красавіка мінулага года.

 

Аўтарка «Персеполіса» і голас іранскіх жанчын

Сатрапі была вядомым крытыкам урада Ірана, яна эмігравала ў Францыю ў 1994 годзе і атрымала французскае грамадзянства ў 2006 годзе.

"Персеполіс" расказвае гісторыю ранняга жыцця Сатрапі ў Тэгеране. Гэта гісторыя пра яе барацьбу з абмежаваннямі, уведзенымі ісламскім кіраўніцтвам Ірана пасля рэвалюцыі 1979 года, і пра пачатак жыцця ў выгнанні.

У мінулым годзе яна адмовілася ад французскага ордэна Ганаровага легіёна, патлумачыўшы гэта крывадушнасцю Францыі ў адносінах да Ірана.

"Пэўны час я сапраўды спрабавала зразумець палітыку Францыі адносна Ірана, але не разумею, чаму маладым свабодалюбівым іранцам, дысідэнтам, мастакам адмаўляюць у візах, у тым ліку турыстычных, а дзецям іранскіх алігархаў без праблем дазваляюць шпацыраваць па Парыжы і Сен-Трапе і нават атрымліваць грамадзянства", — тлумачыла тады Сатрапі сваё рашэнне.

Яна стала голасам жанчын Ірана падчас пратэстаў, што ўспыхнулі пасля смерці ў 2022 годзе 22-гадовай іранскай курдкі Махсы Аміні, якая была затрыманая праз нібыта парушэнне дрэс-коду.

Сатрапі зняла некалькі фільмаў, у тым ліку экранізацыю свайго графічнага рамана "Персеполіс" (2007), сурэжысёрам якога выступіў Венсан Паронно. Фільм атрымаў прыз журы на Канскім кінафестывалі і быў намінаваны на "Оскар". У 2019 годзе выйшаў яе фільм "Радыяактыўная" — біяграфія лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Марыі Кюры.

 

Пасля смерці мужа

Пасля смерці Матціяса Рыпы Сатрапі заснавала Фонд кінематаграфіі імя Матціяса і Маржан Рыпа-Сатрапі для падтрымкі замежных студэнтаў, якія хочуць прыехаць у Парыж для вывучэння кінамастацтва.

Пасля яго смерці старонка Сатрапі ў Instagram амаль цалкам складалася з фатаграфій мужа і серыі здымкаў, якія ўтваралі надпіс: "Страціла каханне ўсяго свайго жыцця".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.