Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў Казахстан
Ён будзе ўдзельнічаць у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Яно пройдзе 29 траўня ў Астане.
Лідары Беларусі, Казахстана і Расіі правядуць пасяджэнне ў вузкім складзе, а затым да іх далучацца прэзідэнты Арменіі і Кыргызстана, а таксама чальцы дэлегацый. У цэнтры ўвагі будзе знаходзіцца пытанне падпісання Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.
Перад ад'ездам Лукашэнка раскрытыкаваў дамову аб стварэнні ЕАЭС. Па яго словах, партнёры абяцалі Беларусі зусім іншыя ўмовы — без усялякіх мытных выключэнняў.
"Але мы ніколі не былі жлаб'ём, мы ніколі не патрабавалі ад сваіх партнёраў і суседзяў больш таго, чым аддавалі ў агульную скарбонку. У выніку дамова, якую мы можам падпісаць, з'яўляецца нейкім кампрамісам. На жаль, гэта не тая дамова, на якую разлічвала Беларусь, і не тая, пра якую першапачаткова заяўлялі нашы партнёры, перш за ўсё Расійская Федэрацыя", — перадае БЕЛТА словы беларускага кіраўніка.
У прыватнасці, ён згадаў пра мытныя плацяжы за расійскую нафту і нагадаў, што Расія пагадзілася на паступовую адмену гэтых мытаў.
Фота — AFP