Аляксандр Мілінкевіч правёў тры сустрэчы з жыхарамі Гомеля

Апазіцыйны лідэр Беларусі, лаўрэат прэміі імя Сахарава Аляксандр Мілінкевіч правёў у Гомелі тры сустрэчы з насельніцтвам.
Сходы праходзілі ў розных раёнах горада. Паразмаўляць з вядомым палітыкам прыйшлі пенсіянеры, студэнты, прадстаўнікі ўпраўлення ідэалогіі і спецслужбаў, а таксама актывісты апазіцыі. Пытанні гамельчан тычыліся адмены льготаў, павышэння коштаў, нізкіх заробкаў, медыцынскага абслугоўвання.

Пра вынікі сустрэч Еўрарадыё распавёў Аляксандр Мілінкевіч.

“Былі досыць цікавыя сустрэчы. Вельмі важна іх праводзіць. Народ хоча размаўляць, але ўлада адгарадзілася ад людзей. А ў людзей шмат праблемаў, і колькасць праблемаў расце. Таму такія выезды па рэгіёнах надзвычай важныя для адчування атмасферы ў грамадстве і проста для дыскусіі з людзьмі”.

Нагадаем, напярэдадні прыезду палітыка прадстаўнікі апазіцыі прасілі прадаставіць залу Палаца культуры "Фестывальны", але ім адмовілі.

За распаўсюджванне ўлётак з заклікам прыйсці на сустрэчу з Мілінкевічам Уладзімір Шумілін і Алесь Ляшкевіч атрымалі штраф больш чым у 1 мільён рублёў кожны. Уладзімір Кацора быў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту, а Пётр Кузняцоў на пяць.