Амбасада Беларусі ў Лондане распавяла пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ

Амбасада Беларусі ў Вялікабрытаніі распаўсюдзіла прэс-рэліз пра ўмовы ўтрымання  ў СІЗА КДБ тых, хто абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яго пераклад з англійскай падае Радыё "Свабода". Пазначаецца, што знаходзяцца яны ў камерах, якія адпавядаюць "санітарным правілам і патрабаванням пажарнай бяспекі", вязні забяспечаныя "асабістымі спальнымі месцамі, пасцельнымі прыналежнасцямі, посудам і сталовымі прыборамі".

Зняволеных кормяць тры разы на дзень і на якасць прыгатавання ежы яны да гэтага часу не скардзіліся. Акрамя таго, сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, яны могуць атрымліваць "неабмежаваную колькасць перадач з прадуктамі харчавання і асабістымі рэчамі".

Медыцынскія агляды праводзяцца ў СІЗА штодня, а калі ёсць паказанні — "неадкладна прымаецца неабходнае лячэнне і прафілактычныя захады".

"Няма ніякіх пагрозаў жыццю або здароўю затрыманых асобаў. Паводле дадзеных, усе затрыманыя асобы з'яўляюцца здаровымі", — паведамляе амбасада.

І як адказ на шматлікія скаргі сваякоў і адвакатаў у прэс-рэлізе гаворыцца: "Асобы, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай, карыстаюцца юрыдычнымі паслугамі для забеспячэння таго, каб іх правы на абарону былі ў поўнай ступені рэалізаваныя... Адвакаты і сваякі маюць доступ да затрыманых".

Выснова: "... умовы ўтрымання асобаў, абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г., цалкам адпавядаюць нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству".