Амбасадар Венгрыі: Еўрасаюз не зразумеў, што адбылося ў Беларусі

Еўрасаюз да цяперашняга часу яшчэ не зразумеў да канца, што ж адбылося ў Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта на сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў амбасадар Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра. Ён падкрэсліў, што для Еўрасаюза сталі нечаканасцю і выбары, якія не адпавядалі стандартам АБСЕ, і разгон мірнай дэманстрацыі, і ператрусы ў офісах "Еўрапейскага радыё для Беларусі" і "Белсата", а таксама допыты журналістаў.

Контра адзначыў, што распаўсюджаная ўчора інфармацыя пра падрыхтоўку амбасадарамі краін ЕС у Беларусі сумеснай заявы з патрабаваннем неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, не адпавядае рэчаіснасці. Ён нагадаў, што агульнаай заявы Еўрасаюза па сітуацыі ў Беларусі яшчэ не было. Многае будзе залежыць ад рашэння кіруючых органаў Еўрасаюза, якія яшчэ вывучаюць сітуацыю ў Беларусі.

 Амбасадар прызнаў, што цяпер абнаўляецца "чорны спіс" беларускіх чыноўнікаў. Нагадаем, раней у ім было 40 чалавек.